г. Пружаны, ул. Мицкевича, 27

E-mail: prjbol@brest.by

 
 

У Лыскава адкрылі аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых людзей і інвалідаў


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

12 студзеня адбылася вялікая падзея не толькі для Пружанскага раёна, але і для Брэсцкай вобласці. У аграгарадку Лыскава ў рамках рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» было ўрачыста адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых людзей і інвалідаў. Дарэчы, гэта другая такая ўстанова на Брэстчыне і першая ў нашым рэгіёне.

Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, для гэтых мэт быў выкарыстаны будынак былой Лыскаўскай школы.

— Замест таго, каб руйнаваць збудаванне, якое знаходзіцца яшчэ ў нядрэнным стане, або яго продажу было вырашана стварыць неабходную для людзей установу, — зазначыў Руслан Васільевіч. — На прывядзенне аб’екта ў належны выгляд з улікам сучасных патрабаванняў з раённага і абласнога бюджэтаў было выдаткавана 1 мільён 800 тысяч рублёў.

Работы па рэканструкцыі праводзілі калектывы будаўнікоў ПМК-22 і ААТ «Рамбуд» г. Пружаны, якія за кароткі тэрмін змянілі не толькі знешняе, але і ўнутранае аздабленне будынка. Самае галоўнае — былі створаны адпаведныя ўмовы для пражывання, адпачынку і нават атрымання рэабілітацыйнай дапамогі для тых, хто па ўзросце або атрыманых захворваннях фізічна абмежаваны. Па-першае, гэта роўная падлога, без парогаў і перападаў па вышыні, каб можна было рухацца і з хадункамі, і на калясцы. З улікам гэтага прадумана і абсталяванне санітарных пакояў. Па-другое, умяшчальная сталоўка, дзе наладжана чатырохразовае харчаванне. Там жа ёсць вялікі халадзільнік, дзе можна захоўваць свае прысмакі ці гасцінцы ад наведвальнікаў.

На тэрыторыі аддзялення размяшчаюцца і спецыялізаваная спартыўная пляцоўка, прагулачныя зоны з альтанкамі і інш.

Асобна варта спыніцца на ўмовах пражывання. Ва ўстанове некалькі жылых пакояў на 2, 3 і 4 месцы, дзякуючы чаму аддзяленне можа прыняць да 24 пастаяльцаў. У пакоях гасцінічнага тыпу заніраваны ложкі, устаноўлены шафы. Ёсць асобны пакой для адпачынку з мяккай мэбляй і вялікім тэлевізарам. Нават ёсць асобная ізаляваная частка, дзе можна часова размяшчаць пастаяльцаў, якія захварэлі на вірусныя інфекцыі, тым самым перапыняючы кантакт з іншымі жыхарамі аддзялення.

Убранне аддзялення і характарыстыкі тэхнічных памяшканняў гасцям мерапрыемства, сярод якіх былі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марына Арцёменка і старшыня абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Генадзь Скробат, прадэманстравалі дырэктар Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка і загадчыца толькі што адкрытай установы Таісія Кузьміч. Таксама расказалі, па якім прынцыпе будзе дзейнічаць аддзяленне, як прымаюцца і размяшчаюцца пастаяльцы, якімі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі аснашчаны працэс дапамогі пажылым людзям і інвалідам.

Намеснік міністра пагутарыла з састарэлымі пастаяльцамі, даведалася пра іх уражанні і пачула водгукі. На сённяшні дзень у аддзяленні размешчаны 11 чалавек, хутка іх колькасць узрасце яшчэ на пяць. У большасці гісторыі нібыта «пад капірку»: дзяцей або няма, або жывуць далёка, самім даводзіцца клапаціцца пра свой побыт, а гэта і ацяпленне дома, і вада ў калодзежы, і пакупка прадуктаў, гатаванне. Уяўляеце, наколькі гэта лёгка, калі табе за 90 гадоў? А ва ўмовах аддзялення пра падобныя клопаты можна забыцца, у дадатак ёсць з кім пагаварыць, а добры персанал заўсёды гатовы вырашыць надзённыя праблемы.

— Менавіта такім чынам і будзе праяўляцца клопат дзяржавы над уразлівымі катэгорыямі людзей, — падкрэсліла Марына Арцёменка. — Галоўная задача — стварыць для нашых ветэранаў хатнія ўмовы пражывання, акружыць пяшчотай, якую яны безумоўна заслужылі.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік

Источник: www.budni.by

Печать

Советы

Статьи