Загадчыца паліклінікі Вольга Барысюк расказала, як вытрымаць выпрабаванні гарачага лета
Ліпень у самым разгары, як кажуць — ні дыхнуць, ні выдыхнуць. У гарачыя дні многія з нас адчуваюць заняпад сіл. Такое надвор’е не толькі некамфортнае, але і небяспечнае для здароўя. У гэты час як ніколі высокія рызыкі атрымання цеплавога ўдару і абязводжвання. Як пазбегнуць наступстваў спякоты і максімальна захаваць сваё здароўе? Па рэкамендацыі мы звярнцуліся да загадчыцы Пружанскай паліклінікі, урача-тэрапеўта Вольгі Барысюк.
— Устрымайцеся ад уздзеяння прамых сонечных прамянёў, па магчымасці не выходзьце на вуліцу ў перыяд высокай актыўнасці — з 11 да 17 гадзін. Асабліва гэта датычыцца малых дзяцей і пажылых людзей, — падкрэслівае Вольга Паўлаўна. — Абавязкова карыстайцеся сонцаахоўнымі акулярамі, апранайце галаўныя ўборы з палямі — капелюшы або панамы. Аддавайце перавагу адзенню з натуральных тканін — бавоўны, лёну.
Калі выходзіце на вуліцу, вазьміце з сабой бутэлечку з вадой. Ёю можна асвяжыцца ў любы момант, працерці твар, шыю, зону дэкальтэ, рукі. На вуліцы ў спёку лепш трымацца ў цені і перыядычна заходзіць у магазіны ці памяшканні з кандыцыянерамі.
Па мінімуме выкарыстоўвайце дэкаратыўную касметыку, крэмы, бо закаркоўванне скуры можа прывесці да перагрэву і розных алергічных рэакцый.
Сачыце не толькі за сабой, але і за сваімі дзецьмі, за іх станам. Літаральна ні на мінуту не пакідайце малых без нагляду на вуліцы, у прыпаркаваным аўтамабілі з закрытымі вокнамі, падчас знаходжання на пляжы і г.д. Памятайце, што да 14 год пакідаць дзяцей адных увогуле забаронена.
— У спякотнае надвор’е арганізм губляе шмат вадкасці. Як лепш кампенсаваць парушаны водны баланс?
— Для абароны ад абязводжвання арганізма неабходна больш піць і не чакаць, калі ў роце зусім перасохне. Але на працягу самай гарачай часткі дня вадкасць лепш ужываць невялікімі аб’ёмамі. А асноўны аб’ём лепш ужываць у больш прахалодны час сутак (увечары і раніцай), каб арганізм змог назапасіць вільгаць у тканінах.
Добра наталяюць смагу прыгатаваныя ў хатніх умовах напоі з журавін, вішні, парэчкі, а таксама зялёны чай ці вада з сокам лімона.
Хочацца звярнуць асаблівую ўвагу, што ў спякоту варта ўстрымацца ад ужывання не толькі алкагольных напояў, але і піва, і розных газіровак, якія не толькі не спаталяюць смагу, але і запавольваюць абменныя працэсы ў арганізме. У гэты час яму і так цяжка, а дабаўляць «лыжку дзёгцю» самім сабе зусім не патрэбна.
— Парадаксальна, але прастуды ў такую спёку — таксама з‘ява магчымая. Як пазбегнуць іх?
— Па-першае, памятайце, што астуджаныя і ледзяныя напоі нельга піць рэзка, гэта можа прывесці не толькі да прастуд, але нават да запалення лёгкіх.
На працы і дома не сядзіце паблізу кандыцыянера, гэта можа справакаваць і прастуднае захворванне, і гнойную ангіну, і фарынгіт. У пазбяганне пераахалоджання не ўключайце тэмпературны рэжым ніжэй 22-23 ℃.
— А што рабіць, калі ўсё ж чалавек адчуе сябе дрэнна, атрымае цеплавы ці сонечны ўдар?
— Калі вы ці хтосьці побач з вамі адчуў сябе дрэнна: скура стала сухой і гарачай, узніклі сутаргі, блытаецца свядомасць — адразу выклікайце хуткую дапамогу.
Да прыбыцця медыцынскіх работнікаў варта перамясціць пацярпелага ў прахалоднае месца, дапамагчы яму легчы гарызантальна, так, каб ногі былі злёгку прыпадняты. А далей трэба пакласці прахалодны кампрэс на шыю, падпахавыя вобласці, забяспечыць прыток свежага паветра, апырскаць скуру вадой пакаёвай тэмпературы.
Выкананне гэтых простых правілаў дапаможа вам захаваць здароўе і атрымаць асалоду ад доўгачаканага і такога кароткага лета!
Гутарыла Ірына Велясевіч
Источник: www.budni.by