Схаваныя пагрозы моднага хобі


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Электронныя цыгарэты — «вэйпы», менавіта яны пераўтварыліся ў глабальны трэнд, асабліва сярод падлеткаў і моладзі. Успрымаемыя як «бяспечная альтэрнатыва» традыцыйным цыгарэтам, яны хутка набылі папулярнасць. Аднак за так званай модай схаваны сур’ёзныя рызыкі для здароўя, сацыяльныя наступствы: крадзяжы, рабаванні, якія патрабуюць пільнай увагі.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2024 годзе менавіта «вэйпы» ў палове выпадкаў (30 з 59) з’явіліся прадметам крымінальных нападаў падчас рабаванняў. Пры гэтым колькасць такіх злачынстваў у мінулым годзе, у параўнанні з 2023 годам павялічылася на 22,9% (з 48 да 59). Акрамя таго, электронныя сістэмы курэння ўжо выступаюць прадметам крымінальных крадзяжоў і махлярстваў.

Для прадухілення здзяйснення злачынстваў падлеткамі супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх Пружанскага РАУС у студзені-лютым 2025 года на тэрыторыі раёна былі праведзены дадатковыя прафілактычныя меры. У рамках мерапрыемстваў праводзіліся выступленні ва ўстановах адукацыі з дэманстрацыяй фільмаў, накіраваных на фарміраванне прынцыпаў здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў. Была растлумачана адказнасць за курэнне і выкарыстанне электронных сістэм у забароненых месцах.

— Аднак варта адзначыць, што не ўсе падлеткі пачулі супрацоўнікаў міліцыі. Пры наведванні школ выяўлена двое непаўналетніх, якія выкарыстоўвалі электронныя цыгарэты непасрэдна ў навучальных установах. Адзін смаліў прама на прыпынку грамадскага транспарту, —адзначыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч.

Нагадваем, што за курэнне ў забароненых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 4 базавых велічынь.

Некаторыя падлеткі вырашылі зарабіць дадатковыя грошы на продажы саміх электронных цыгарэт і вадкасцей да іх. За перыяд правядзення мерапрыемстваў супрацоўнікамі ІСН выяўлены чатыры факты продажу названай вышэй прадукцыі падлеткам, прычым 2 з іх учынілі самі дзеці. За гэта таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.

— У аднаго з такіх падлеткаў па месцы жыхарства знойдзена і канфі-скавана 73 флаконы з вадкасцю для электронных сістэм курэння. Ёсць факты, калі супрацоўнікі міліцыі знаходзяць іх і ў непаўналетніх. Аднак пры правядзенні разбораў устанаўліваецца: такія «цукеркі» малым набылі самі бацькі, якія, памыляючыся, лічаць, што гэта зусім бясшкодна, — падкрэсліў Віктар Мікалаевіч.

З гэтай нагоды мы пагутарылі з псіхіятрам-нарколагам ЦРБ Вікторыяй Смаль.

— Шкода ад электронных сістэм курэння не меншая, чым ад тытунёвага дыму. Існуе памылковае меркаванне, што ў іх не ўтрымліваецца дадатковых смол, але там усё роўна пераважае нікацін, які з’яўляецца асноўным рэчывам. Ён і ўплывае негатыўна на ўвесь арганізм, таксама здольны выклікаць залежнасць. За кошт рознага віду араматычных рэчываў парыльныя сумесі ўвесь час мяняюць і, у адрозненне ад звычайных цыгарэт, смаляць бесперапынна. У гэтым выпадку дзеянне нікаціну аказвае больш інтэнсіўную шкоду на арганізм з усімі вынікаючымі наступствамі, чым нават цыгарэта.

Сёння няма праблем з тым, дзе моладзі правесці вольны час і з карысцю для здароўя. У нашым раёне арганізавана правядзенне мноства розных гурткоў і секцый, у тым ліку і спартыўных. Ёсць скейт-ролер парк, якога так доўга ўсе чакалі, выдатныя Водны і Лядовы палацы і г.д. Таму накіраваць сваю энергію ёсць куды, было б жаданне ў бацькоў дапамагчы сваім дзецям бязбольна перасягнуць «пераходны» ўзрост, а не пакідаць падлетка самнасам з яго ўнутранымі праблемамі. Але, на жаль, некаторым з іх прасцей купіць дзіцяці электронную цыгарэту і адправіць у парк на лавачку «парыць», чым прывесці займацца ў якую-небудзь спартыўную секцыю. Варта ў гэты перыяд не ўпусціць падлетка, бо вынік можа стаць сумным. Свабода дзеянняў, як правіла, прыводзіць на крымінальны шлях, і спыніць запушчаны механізм ужо бывае няпроста.

Супрацоўнікі ІСН прыкладаюць намаганні і для працы з бацькамі. Прафілактычная інфармацыя накіроўваецца ў аддзел па адукацыі для выяўлення прыкмет і крытэрыяў сацыяльна-небяспечнага становішча ў сем’ях. Далей праводзіцца тлумачальная гутарка з бацькамі наконт ужывання «вэйпаў» і іх шкоды для маладога арганізма.

«Вэйпінг» — не бяскрыўднае захапленне, а пагроза для фізічнага і псіхічнага здароўя моладзі. Вытворцы актыўна выкарыстоўваюць розныя платформы ў інтэрнэце, дзе папулярныя блогеры дэманструюць вэйпы як атрыбут «крутога» стылю жыцця. Таму вельмі важна развеяць міфы пра «бяспечнае парэнне» і паказваць рэальныя наступствы, каб абараніць здароўе і бяспеку нашых дзяцей.


Ірына Велясевіч

Источник: www.budni.by

Печать

Советы

Статьи