Актуальное интервью с главврачом Пружанской ЦРБ В.М. Дороневичем


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

У трэцюю нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць медыкі. Напярэдадні Дня медыцынскага работніка мы сустрэліся з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневічам.

— Віктар Міхайлавіч, прафесійныя святы — традыцыйная нагода для падвядзення вынікаў работы за год. У медыцыне, як вядома, галоўнымі паказчыкамі з’яўляюцца дэмаграфічныя. Ці палепшыліся яны ў нашым раёне?
— У сілу аб’ектыўных прычын мы не змаглі наблізіцца да сярэднестатыстычных паказчыкаў, якія сёння ёсць на Брэстчыне. Пружаншчына — адзін з рэгіёнаў, дзе пражывае найбольш доўгажыхароў і пажылога насельніцтва ўвогуле. У дадатак да гэтага на працягу апошніх гадоў у раёне назіраецца рост хвароб сістэмы кровазвароту і хворых на анкалогію. Зразумела, гэтыя фактары сведчаць не на нашу карысць. У выніку ў вобласці наш раён знаходзіцца на трэцім месцы па смяротнасці. Нельга скідаць з рахункаў і знешнія прычыны, такія, як злоўжыванне алкаголем і тытунекурэнне. Яны часта з’яўляюцца прычынамі анкалагічных захворванняў, хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы… Таму актыўна працуем і на прафілактыку.
У сваю чаргу, міграцыя маладога насельніцтва цягне за сабой зніжэнне паказчыка нараджальнасці. Хаця гаварыць, што дына-міка тут зусім адмоўная, таксама будзе няправільна: апошнім часам на Пружаншчыне прыкметна вырасла колькасць шматдзетных сем’яў. І гэта не можа не радаваць.
— А як сёння абстаяць справы з матэрыяльна-тэхнічнай базай ЦРБ?
— За апошнія некалькі гадоў быў унесены істотны ўклад у яе ўмацаванне: бальніца аснашчана шэрагам сучасных апаратаў, праведзена рэканструкцыя і мадэрнізацыя некаторых аддзяленняў. Чаго толькі каштуе новы неўралагічны корпус з палепшанымі, камфортнымі ўмовамі для пацыентаў. У гэтым будынку знайшлося месца і для станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама тэрапеўтычнага аддзялення.
Значныя сумы былі ўкладзены ў рамонт нашых аб’ектаў у Ружанах. Бягучы рамонт быў зроблены ў паліклініцы. А напрыканцы 2019 года ў эксплуатацыю быў ўведзены харчблок гарадской бальніцы, які прапісаўся ў будынку былога дзіцячага аддзялення. Толькі гэты аб’ект каштаваў нам каля 800 тысяч рублёў. Акрамя таго, за кошт сродкаў галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя вобласці ў рамках падрыхтоўкі Ружанскай гарбальніцы да абласных «Дажынак» было набыта медабсталяванне: дзве сучасныя стаматалагічныя ўстаноўкі, дзве цэнтрыфугі, гемалітычны аналізатар, дэфібрылятар, электракардыёграф.
Што да тэхнічнага аснашчэння, быў усталяваны мамаскан — апарат, які дазваляе праводзіць скрынінг і раннюю дыягностыку рака малочнай залозы. За спонсарскія сродкі атрымалі два аналізатары: біяхімічны і гематалагічны. Дзякуючы біяхімічнаму,
з’явілася магчымасць вызначаць наяўнасць у крыві лактатаў, ферытынаў, што дазваляе праводзіць дыфдыягностыку пнеўманій бактэрыяльных і тых, што выкліканы COVID-19.
Пры гэтым мы і самі не сядзім склаўшы рукі: на працягу апошніх гадоў рэгулярна ўдзельнічаем у міжнародных праектах па рэалізацыі мясцовых ініцыятыў. Так, дзякуючы грантам, абсталёўваем аддзяленні разнастайнымі трэнажорамі, абсталяваннем.
—Зараз абароты набірае тэлемедыцына…
—Дзякуючы сучасным магчымасцям, няма неабходнасці адпраўляць цяжкахворых пацыентаў у абласныя ці рэспубліканскія цэнтры: кансультацыі і кансіліумы можна праводзіць па скайпе. У 2019 годзе, напрыклад, было праведзена 75 сеансаў тэлемедыцыны, сёлета — яшчэ 64.
І ўсё-такі, на жаль, пакуль не можам пахваліцца, што ў нас ужо ёсць уся неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. У першую чаргу, бальніцы патрэбны камп’ютарны тамограф. Гэтае абсталяванне неабходна для работы ўсіх службаў. Асаблівая патрэба ў іх з’явілася сёння, падчас пандэміі: тамограф дапамог бы нам палепшыць дыягнастычныя метады выяўлення хваробы. Вялікі знос — на 80-90% — бальнічнага аўтапарка. Найперш амаладжэнне датычыцца машын «хуткай дапамогі». Праблема з транспартам для дастаўкі пацыентаў на гемадыяліз.
— Не памылюся, калі скажу, што гараджан вельмі цікавіць, калі ўжо яны змогуць наведаць абноўленае стаматалагічнае аддзяленне паліклінікі…
— Разумею нецярпенне, але гэты рамонт невыпадкова зацягнуўся: згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, кошт
аб’екта складае 1 мільён 372 тысячы рублёў, з якіх без малога 500 тысяч рублёў накіравана на закупку абсталявання (якраз прыступілі да працэдуры яго закупкі). Плануем, што ў другім паўгоддзі ўрачы-стаматолагі ўжо змогуць прымаць там пацыентаў.
— Здаецца, на працягу многіх гадоў у раённай сістэме аховы здароўя існавалі пэўныя праблемы з дэфіцытам кадраў. Наколькі яны вырашаны?
— Пакуль такая праблема ёсць, аднак удалося дамагчыся пэўных зрухаў. Напрыклад, урачэбныя амбулаторыі, якія працуюць у сельскай мясцовасці, укамплектаваны ўрачамі агульнай практыкі на сто працэнтаў. Больш за тое, выдзелена па адной стаўцы ўрачоў агульнай практыкі ў Ружанскай і Шарашоўскай бальніцах.
Што да райцэнтра, тут у рамках Дзяржпраграмы маладым урачам выдзяляецца жыллё. І гэта мае свой плён: пасля адпрацоўкі маладыя людзі задумваюцца, ці варта ім шукаць новае працоўнае месца, калі тут ужо ўладкаваны быт. Адметна, што мясцовыя ўлады актыўна дапамагаюць нашым урачам вырашаць жыллёвае пытанне.
У мінулым годзе на работу на Пружаншчыну было накіравана 23 урачы і 18 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Чакаем папаўненне і сёлета: 6 урачоў агульнай практыкі, 2 рэнтгенолагаў, 3 хірургаў, 2 акушэраў-гінеколагаў, 2 стаматолагаў, 1 педыятра, 1 анколага, 1 неўролага, 1 ЛОР-урача, 1 тэрапеўта. Загадзя вядома, што сёлета застанецца свабоднай толькі вакансія ўролага.
— Эпідэміялагічная абстаноўка, якая сёння склалася, трохі скарэктавала планы работы ўстаноў аховы здароўя, сканцэнтраваўшы ўсю ўвагу медперсаналу на лячэнні пацыентаў і прафілактыку COVID-19.
— Сёння ў ЦРБ разгорнуты інфекцыйны шпіталь на 125 ложкаў: у яго ўвайшлі тэрапеўтычнае, траўматалагічнае, інфекцыйнае аддзяленні. Лічбы, зразумела, штодзень змяняюцца. На сённяшні дзень (гаворка вялася 12 чэрвеня) 103 пацыенты прайшлі курс стацыянарнага лячэння, выпісана з папраўкай — 47. Смяротных выпадкаў ад COVID-19 на Пружаншчыне не было. Усяго даследавана на COVID-19 больш за 2300 чалавек.
Для барацьбы з інфекцыяй задзейнічаны практычна ўсе рэсурсы. Арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна аказана спонсарская дапамога на агульную суму, якая перавысіла 200 тысяч рублёў. Аказана бясплатная дапамога амаль на 70 тысяч рублёў. Па лініі гуманітарнай дапамогі атрымалі вырабаў мед-прызначэння і сродкаў індывідуальнай абароны амаль на 40 тысяч рублёў.
— Віктар Міхайлавіч, хацелася б закончыць нашу размову Вашымі пажаданнямі калегам…
— Гаворачы пра прафесіяналізм нашых урачоў, хочацца адзначыць тых, хто ўжо мае вышэйшую катэгорыю, назапасіў багаты вопыт. У нас за апошнія некалькі гадоў прыкметна зменшылася колькасць спецыялістаў пенсіённага ўзросту, а разам з тым прафесійна вырасла і моладзь. Таму ў калектыве ёсць на каго абаперціся, ёсць каму займацца настаўніцтвам. Гэта і Ж.Ж.Ісакава, і В.П.Барысюк, і М.В.Занькавец…
Напярэдадні Дня медыцынскага работніка, нягледзячы на цяперашнюю абстаноўку, хочацца звярнуцца з віншаваннямі да ўсіх вас: урачоў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр, малодшага медперсаналу, іншых спецыялістаў, якія працуюць у нашай галіне, — і павіншаваць з прафесійным святам. Усе вы маеце дачыненне да агульнай высакароднай справы, а таму заслугоўваеце самых добрых слоў. Таму хочацца пажадаць вам поспехаў у нялёгкай справе, якая патрабуе душэўных сіл і поўнай аддачы. Прыміце самыя шчырыя і цёплыя пажаданні здароўя, дабра і дабрабыту.
Гутарыла Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Источник: www.budni.by

Печать

Советы

Статьи